ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,

сукупнасць сістэматычных і масавых метадаў і прыёмаў апрацоўкі інфармацыі ва ўсіх відах дзейнасці чалавека з выкарыстаннем сродкаў сувязі, паліграфіі, выліч. тэхнікі і праграмнага забеспячэння; раздзел прыкладной інфарматыкі. У канкрэтна-прыкладным аспекце сучасная І.т. — высокаарганізаваны канвеер апрацоўкі інфармацыі.

І.т. — неад’емная і істотная частка цывілізацыі, яе развіццё ўзаемаабумоўлівала паралельнае развіццё вытв-сці, навукі, мастацтва і адукацыі. У аснову І.т. пакладзены розныя тэхн. вынаходствы (друкарскі станок, тэлеграф, фотаапарат, тэлефон, гука- і відэазапіс і інш.). З’яўленне ЭВМ, асабліва мікрапрацэсара, прывяло да істотных змен І.т.: ЭВМ стала гал. сродкам аўтаматызацыі фіз. і разумовай працы, з дапамогай беспапяровага спосабу справаводства, электроннай пошты, машыннай графікі, безнаборнага спосабу друку і інш. аб’яднала ўсе сродкі І.т., надала ім гібкасць і ўзаемадапаўняльнасць.

На Беларусі даследаванні па праблемах І.т. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі, БДУ, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. БПА і інш. Каардынацыю работ праводзіць Фонд інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Поппель Г.Л., Голдстайн Б. Информационная технология — миллионные прибыли: Пер. с англ. М., 1990.

Г.​Р.​Маньшын.

т. 7, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)